навіныжыцьцяпіскнігітворыкрытыкафотавідэа
 

 

Уладзімер Арлоў

Сучасныя мэмуары

Як я тысячу разоў сустракаўся зь любімымі чытачамі

Спадзяюся, мае калегі-літаратары ня будуць са мной спрачацца аб тым, што галоўнае багацьце пісьменьніка — ягоныя чытачы.

Паводле маіх сьціплых (а магчыма, якраз і нясьціплых) падлікаў я сустракаўся з чытачамі ня меней за 1000 разоў. Гэта былі самыя розныя сустрэчы — і ў залях з сотнямі прысутных і амаль што на кансьпірацыйных кватэрах, куды зьбіралася дзясяткі два мясцовых аматараў прыгожага пісьменства, а па сумяшчальніцтве — апазыцыянэраў. Апошняя сустрэча (калі яе можна залічыць у гэты разрад) адбылася літаральна ўчора ў мэтро. Не, яна не плянавалася загадзя як нейкая звышсучасная форма кантакту з чытацкай публікай. Проста я ўбачыў, як юная прыгажуня чытае маю новую кнігу “Каханак яе вялікасьці”. Натхніўшыся, я падсеў бліжэй і ветліва пачаў: “А ведаеце, гэта мая кніга...” Дзяўчына спалохалася: “Не, мая... Я яе толькі што купіла.” І на ўсялякі выпадак на наступнай станцыі выскачыла з вагону. Так і не пасьпеў паказаць ёй партрэт на вокладцы.

Але засяроджуся на сустрэчах больш традыцыйных, тых, што даюць адчуваньне зваротнай сувязі з чытачом, разуменьне таго, што твая праца не сыходзіць бясьследна, як вада ў пясок.

Пры канцы 80- на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі Беларусь пачынала дыхаць свабодай, мой тэлефон не змаўкаў. Запрашалі да школьнікаў й студэнтаў, у канструктарскае бюро трактарнага заводу і ў Нацыянальны банк, да супрацоўнікаў міліцыі і да зьняволеных у калёніі. Не выступаў я тады хіба што перад супрацоўнікамі КДБ. Але яны і так былі ў курсе таго, чым я займаюся. Як напісаў у свой час адзін мой украінскі калега,

Я сам нэ знаю так сэбэ,
Як знаюць хлопцы з КДБ,
Маі біографы нэвтомны...

Папулярным тады быў і іншы вершык, прысьвечаны дзейнасьці гэтага, ужо, здавалася, не такога і ўсемагутнага ведамства.

Товарищ, верь, пройдет она,
Эпоха гласности,
А комитет госбезопасности
Запишет наши имена.

Аднак верылася, вядома, у зусім іншую будучыню. Яе надыход вешчавала і тая хваля, нават ня хваля, а сапраўдны “дзявяты вал” запрашэньняў у самыя розныя аўдыторыі. Прапановаў было столькі, што існавала рызыка ператварыцца ў штатнага выступоўцу. Часта я мусіў адмаўляцца, бо іначай проста не было б часу заставацца сам-насам з сабой і папераю за пісьмовым сталом.

Але на краіну абрынуўся травеньскі рэфэрэндум 1995 г. Мой тэлефон замаўчаў на доўгія месяцы. Тыя, хто паверыў у хуткае вяртаньне нацыянальных каштоўнасьцяў, у дэмакратычную беларускую Беларусь, перажывалі асабістую трагедыю. Было такое адчуваньне, што я сам за тыдзень пастарэў на некалькі гадоў. Мне вядома нямала прыкладаў, калі сумленныя шчырыя людзі з незагартаванай душой проста не змаглі перажыць таго, што здарылася: нехта зьехаў за мяжу, а нехта — з глузду, у кагосьці не вытрымала сэрца, а некалькі знаёмых якраз тады зьвялі падрахункі з жыцьцём.

Паводле маіх назіраньняў, спатрэбіўся год, каб да людзей вярнулая калі ня вера, дык, прынамсі, надзея, што страчана далёка ня ўсё, і гэта красамоўна засьведчыў 50-тысячны “Чарнобыльскі шлях” 1996-га.

А мой тэлефон зноў загаварыў галасамі школьных і ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў, бібліятэкараў і актывістаў ТБМ, а часам нават галасамі кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных фірмаў. (Дарэчы, на сустрэчы ў адной зь фірмаў, што мела дачыненьне да тэлефоннай сувязі, мне ў якасьці ганарару прапанавалі праверыць, ці не праслухоўваецца мой тэлефон і наогул кватэра. Вялікіх сумневаў на гэты конт я ня меў, але дзеля супакою душы адмовіўся.)

Тады, пасьля траўня 1995-га, я даў сабе слова, што не адмоўлюся ні ад воднага запрашэньня — адкуль бы яно не зыходзіла — з сталічнай alma mater або зь вясковай школкі на Палесьсі.

Прызнаюся, што трымаць слова няпроста, нягледзячы на тое, што ўлада зноў і зноў імкнецца прыходзіць мне на дапамогу, дэманструючы асаблівую вынаходлівасьць з часоў прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г.

Сутыкнуўшыся з такой зьявай як паездкі пісьменьнікаў, вэртыкальныя структуры спачатку карысталіся тактыкай пільнага кантролю. Памятаю, неяк у Берасьці на кожную сустрэчу з намі, менскімі літаратарамі, заяўляўся віцэ-мэр, што нязьменна, выклікаючы ў аўдыторыі вясёлы сьмех, спрабаваў даваць нам на аўтографы дзьве хвіліны і патрабаваў не пісаць вучням і студэнтам ніякіх пажаданьняў. Пэўную разнастайнасьць уносіла ягоная падначаленая, якая, пачуўшы небясьпечнае пытаньне, ускоквала й верашчала: “Наши гости голодны! Их ждёт обед!”

Калі праз пару месяцаў наш пісьменьніцкі дэсант у складзе Рыгора Барадуліна, Лявона Баршчэўскага, Міхася Скоблы ды аўтара гэтых радкоў, высадзіўся ў Магілеве, тамтэйшая вэртыкаль абрала больш надзейную тактыку. Па-першае, у некаторых асабліва небясьпечных месцах літаратурныя сустрэчы бязь лішніх вычварэнстваў проста забараняліся, як да прыкладу на гістарычным факультэце мясцовага ўнівэрсытэту, дзе некалі муза Кліё не адказала ўзаемнасьцю студэнту Сашу з-пад Копысі. Па-другое, спатканьні з чытачамі ў апошні момант адмяняліся пад маркаю адсутнасьці пісьмовага дазволу гарадзкога ўпраўленьня культуры. Па-трэцяе, выкарыстоўвалася наступная мэтода: у абвестках пра літсустрэчы быў пазначан адзін час, а ў атрыманым намі раскладзе — іншы, прычым першы адрозьніваўся ад другога як сярэдняэўрапейскі час ад беларускага. Аднак сярод пэдагогаў знайшоўся прыстойны адсотак рызыкантаў, а сустрэчаў прадбачлівымі арганізатарамі была заплянаваная такая фантастычная колькасьць, што і ва ўмовах пэрманэнтных перашкодаў даводзілася лётаць з школы ў ліцэй, зь ліцэю ў інстытут, а адтуль у каледж у такім шалёным рытме, што выпіць кухаль піва ці келіх віна ўдавалася толькі позна ўвечары. Голад і смагу даводзілася наталяць пераважна чытацкімі пытаньнямі.

Дарэчы, пра гэтыя пытаньні. У маім архіве іх ужо сабралася некалькі дзясяткаў вялізных пульхных капэртаў, і часам я падумваю пра тое, ці не ўзяцца калі-небудзь за кнігу, дзе сустрэліся б найбольш цікавыя пытаньні й адказы.

Раскрываю наўздагад адну з гэтых капэртаў з чытацкімі цыдулкамі. Пытаньні самыя розныя: глыбокія й легкадумныя, сур’ёзныя й наіўныя, вясёлыя й скрозь слёзы...

“Вам ніколі не гаварылі, што Вы падобны да старажытнага чалавека часоў сваіх твораў?”

“Ці трэба сучаснай беларускай дзяўчыне-падпольшчыцы ведаць гісторыю Беларусі?”

“Скажыце, калі ласка, у Вашым жыцьці было шмат жанчын?”

“Ці згадзіліся б Вы зьехаць за мяжу, калі б Вам прапанавалі там за добрую зарплату пісаць вершы на іхняй мове?”

“Як Вы лічыце, калі Вашае эсэ пра незалежнасьць страціць сваю актуальнасьць?”

“Дзе з Вамі можна сустрэцца?”

“Як бы Вы ахарактарызавалі лад, які ўсталяваўся ў Беларусі? Мой знаёмы хлопец кажа, што гэта ніякая не дыктатура, а проста краіна, ператвораная ў вялікі калгас.”

“Вам піша бацька вучня былой беларускай гімназіі. Аднойчы настаўніца зайшла ў сынаву клясу і сказала: “Ребята, с сегодняшнего дня мы будем учиться на русском языке. Русский язык — это язык умных и добрых людей...”

Мяне цешыць, што тыповымі, асабліва ў студэнцкіх аўдыторыях, апошнім часам сталі пытаньні кшталту: “Як перайсьці на беларускую мову?”. “Як пераадолець псыхалагічны бар’ер і загаварыць па-беларуску ў незнаёмым асяродзьдзі?” “Як выхаваць дзіця беларусам?” Паколькі такія пытаньні зноў і зноў паўтараюцца, я ўжо маю на іх у запасе кароткія або разгорнутыя адказы. Да прыкладу, раю даваць сыну або дачцэ адметнае беларускае імя, каб ужо яно само ў нейкім сэньсе праграмавала лёс уладальніка, спрыяла неардынарнасьці асобы. А тым, хто не можа адважыцца загаварыць на роднай мове сярод незнаёмых людзей, даю, да прыкладу, параду паспрабаваць зрабіць гэта дзе-небудзь на менскім рынку, дастаўшы з кішэні 100 даляраў.

Каб падзавесьці аўдыторыю, я люблю абвясьціць конкурс на самае арыгінальнае пытаньне. На апошняй прэзэнтацыі маёй кніжкі “Каханак яе вялікасьці”, той самай кніжкі, зь якой уцякла ад мяне прыгажуня з вагону “падземкі”, перамаглі два пытаньні. Першае: “На смак чаго быў бы падобны смак ужо пражытага Вамі жыцьця?” І другое, крыху эпатажнае: “Як стаць каханкай Вашай вялікасьці?” На жаль, аўтарка апошняга ні з залі, ні пасьля вечарыны так і не адгукнулася...

Асабліва шмат паездак па Беларусі, у якія я часта выпраўляюся з сваім маладзейшым сябрам, бардам і літаратарам Зьмітром Братосікам, адбылося ўлетку 2001 году пад час прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Мы не займаліся агітацыяй “за” кагосьці, тым больш, што кандыдатура гэтак званага адзінага кандыдата ад “дэмакратычных сілаў” Ганчарыка далікатна кажучы, не выклікала ў нас энтузіязму. Часам мы мусілі сумленна папярэджваць пра гэта арганізатараў сустрэч. Але ніхто не адмовіўся: людзям у глыбінцы хацелася проста жывой размовы, нейкага сьвежага слова або проста магчымасьці сустрэцца ў коле аднадумцаў. Ня выключана, што якраз гэтага найбольш і баяліся нашыя так бы мовіць, апанэнты.

На немаладым Бартосікавым “фальксвагене” мы праехалі краіну ўдоўж і ўпоперак — ад Браслава да Рэчыцы і ад Крычава да Драгічына. Праехалі, натуральна, не без прыгодаў.

У Радашковічах дзьверы Дому культуры былі ня толькі зачыненыя на замок, але і ахоўваліся людзямі ў цывільным. Адзін з мясцовых прадпрымальнікаў рызыкнуў запрасіць нас і публіку, якая не хацела разыходзіцца, у свой катэдж. У доме ўсе зьмясьціцца ня здолелі, таму мы выступалі з балькону. Уражаньні былі непаўторныя: над блізкім лесам сядала жнівеньскае сонца, пахла сьвежым сенам, сымпатычная бабуля, калі мы сышлі ўніз, падаравала кожнаму букет вяргіняў і з гумарам паведаміла прысутным, што ў канцы вуліцы стаіць машына, дзе сядзяць чацвёра нетутэйшых людзей і ўсе — “у касьцюмах”.

У часе сустрэчы ў Сьветлагорскай філіі Беларускага гуманітарнага ліцэю ў залю тройчы з крыкам “Что здесь происходит?” урываліся нейкія чыноўнікі зь міліцыянтамі. Тая паездка і цяпер адгукаецца ў сэрцы болем. Я разумею, што філію ліцэю мясцовая вэртыкаль усё адно б зачыніла, але бясконца прыкра, што для гэтага быў выкарыстаны менавіта наш прыезд.

А на Палесьсі, у Драгічыне, куды мы з Бартосікам прыехалі на сустрэчу з удзельнікамі агітацыйнай маладзёвай экспэдыцыі, нас папросту заарыштавалі. Спачатку міліцэйскі маёр з двума падначаленымі доўга разглядаў Зьмітрову гітару. Потым узяліся за мяне. “Дзе вы пражываеце?” “У Менску.” “Чым займаецеся?” “Пішу кнігі.” “Вось сядзелі б там і пісалі свае кнігі. А ваабшчэ-та прад’явіце дакументы.”

Я прад’явіў кнігу “Сны імпэратара” з маёй фоткай і біяграфічнай даведкай. Маёр патлумачыў, што гэта не дакумэнт, але кнігу ўсё ж не рэквізаваў.

Некалькі гадзінаў нашыя ахоўнікі-афіцэры, што, між іншым, уздымала нас ва ўласных вачах, вялі з кімсьці тэлефонныя перамовы. У сваю чаргу мы адказвалі на званкі сваіх несканфіскаваных, дзякуй Богу, мабільнікаў. Маёр з падначаленымі ўважліва прыслухоўваліся, і гэта ўрэшце сталася нашым паратункам. Да вушэй міліцыянтаў данеслася назва вёскі, каля якой нас ужо чакалі пры вечаровым вогнішчы ўдзельнікі эспэдыцыі. “Гарадзец?!” — узрадавана ўсклікнуў маёр. Яго і лейтэнантаў як быццам падмянілі. “Гарадзец! Гарадзец!” — радасна паўтаралі яны.— Гэта ж ужо Кобрынскі раён!”

Адразу высьветлілася, што мы — свабодныя. “А кнігу сваю падпішыце на памяць,— папрасіў маёр.— Мы памясьцім яе ў музей райаддзелу.” “У прынцыпе, кніга больш утульна адчувала б сябе ў бібліятэцы”,— заўважыў я, ставячы аўтограф. “Бібліятэкі ў нас пака што няма”,— трошкі, як здавалася, нават вінавата, адказаў маёр. “Яно і відаць”,— не ўстрымаўся Бартосік. Але нішто ўжо не магло сапсаваць добрага настрою нашых нядаўніх вартаўнікоў.

На шырокім поплаве за Гарадцом прытульна гарэла некалькі вогнішчаў і звабліва пахла вячэрай. Аднак ад кашы з дымком і тушонкаю мы рашуча адмовіліся. “Спачатку праводзім сустрэчу, бо зараз прыедзе варанок з Кобрыну!..”

...Часам у мяне пытаюцца, ці чытаў мае кнігі Лукашэнка, ва ўяўленьні кагосьці галоўны чытач краіны. А вось уявіце сабе, што ён таксама нейкім чынам трапіў у разрад маіх чытачоў. Па-першае, абвяшчаў некалі з тэлеэкрану дыктоўку для абітурыентаў паводле маёй кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі”. Не пасьпела скончыцца трансляцыя перадачы, як мне патэлефанавалі з дзьвюх менскіх кнігарняў і папрасілі гэтую кнігу, каб паставіць яе ў вітрыну, на што я адказаў парадаю напісаць у выдавецтва, каб яе перавыдалі.

Другая гісторыя больш цікавая. Калі нядаўна зьявілася ў продажы мая выдадзеная ў Славакіі па-беларуску кніга “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”, у кабінэт дырэктаркі адной менскай кнігарні ўпэўненай хадою ўвайшлі двое мужчынаў, ня вельмі падобных да аматараў кнігі. “У вас ёсьць “Краіна Беларусь” Арлова? — сурова запытаўся адзін, а другі тым часам пакруціў перад тварам гаспадыні кабінэту пасьведчаньнем супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Дырэктарка добра памятала, як некалі ў яе забіралі пад арышт дзіцячую кнігу Арлова “Адкуль раш род”, а таму зьлёгку расхвалявалася. “Нам трэба 50 экз. па безналу”,— запатрабаваў уладальнік пасьведчаньня. Кабета ўздыхнула з палёгкаю, бо калі кнігу арыштоўваюць, за яе ні наяўнымі ні безнаяўнымі ніхто ня плоціць...

Праз колькі дзён Лукашэнка (падазраю, усё ж не з сваёй ініцыятывы, але ўрачыста) ўручаў маю кнігу пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных школьных і студэнцкіх алімпіядаў. Падарункавы набор складаўся з дыплёму, ляўрэацкага мэдалю, маёй “Краіны Беларусі” і кнігі “Речи и доклады президента РБ А. Г. Лукашенко”.

Я спадзяюся, што адзін асобнік “Краіны Беларусі” Аляксандр Рыгоравіч пакінуў у сябе на працоўным стале і хоць, можа й не чытае тэксту, але ў вольную ад больш важных дзяржаўных клопатаў хвіліну разглядвае там нашыя 2000 ілюстрацыяў і, можа, у ягонай сьвядомасьці пачынае кволіцца й мацнець плённая думка аб тым, што ў нас, беларусаў, сапраўды эўрапейская гісторыя, а гэта — своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню.

Тым часам я напісаў працяг “Краіны Беларусі”. Паводле маіх падлікаў, новая кніга выйдзе ў 2006 г. Спадзяюся, што прэзыдэнт Беларусі таксама будзе ўручаць яе таленавітай моладзі. А яшчэ больш спадзяюся, што гэта будзе іншы прэзыдэнт.

 

 

 

 

  Беларускі Моладзевы Рух у Амэрыцы